15 ліпеня нарадзілася наша зямлячка Алаіза Пашкевіч
Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Цётка – усё гэта ў адной асобе паэтэсы-рэвалюцыянеркі Алаізы Пашкевіч з былога маёнтка Пясчына, што месціўся ля Старога Двара. На пачатку мінулага стагоддзя наша вядомая зямлячка падчас бурлівых падзей у Расіі, змяняючы Пецярбург на Вільню, Беларусь на Украіну, працавала настаўніцай, пісала прамовы і выступала з імі перад рабочымі на мітынгах, выдавала часопіс для дзяцей і, нарэшце, стала аўтарам зборнікаў вершаў “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”.
Успамінаюцца школьныя гады, калі на маю далёкую Астравеччыну прыехала па размеркаванні на працу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры маладзенькая тады Валянціна Коўтун. Гэта з гадамі яна стане вядомай паэтэсай, літаратурным крытыкам. А пакуль, задуменна гледзячы ў акно на веснавы сад, яна з замілаваннем і любоўю расказвала дзесяцікласнікам пра вечна юную Алаізу Пашкевіч – Цётку. Пэўна, ужо тады настаўніца выношвала, спяліла ў душы вобраз сваёй каляжанкі па пяры, збіраючы па крупінках матэрыялы на радзіме паэтэсы, па Беларусі і Украіне для будучага рамана-дылогіі “Крыж міласэрнасці”.
Потым нашы шляхі з В. М. Коўтун разышліся. А праз шмат гадоў на адным з юбілеяў Цёткі Валянціна Міхайлаўна аўтарытэтна ставіла свой аўтограф на кнізе, прысвечанай вядомай паэтэсе са Старога Двара. Падпісала тады і мне адну з апошніх, на вялікі жаль, сваіх кніжак.
Цяпер пераважна адзін прыходжу сюды, спыніўшыся наўзбоч дарогі. Яшчэ некалькі год назад са школьнікамі і настаўнікамі мы разбілі ля Цётчынай агароджы палаткі. Успамінаецца малады чалавек-дзівак, які прыйшоў да нашага начнога кастра, запытаўшыся, “ці не да нашай Цёткі ў госці прыйшлі здалёк?” Ды так і прасядзеў цэлую ноч са сваёй праўдаю пра паэтэсу. Зрэшты, усе тутэйшыя людзі, гаворачы пра Алаізу Пашкевіч, абавязкова кажуць “наша Цётка”. Гэтаксама звяртаецца да яе ўсё сваё жыццё і былая настаўніца роднай мовы Анфіса Паўлаўна Дабрылка, якая, дарэчы, жыве побач з мемарыялам і найбольш, напэўна, ведае і памятае пра лёс паэткі.
15 ліпеня сюды зноў з’едуцца прыхільнікі Алаізы Пашкевіч і адзначаць яе чарговы Дзень народзінаў на радзіме паэтэсы. Адсюль калісьці яна пайшла ў вялікі свет, каб сімвалічна вярнуцца маладой, прыгожай і вядомай, а мы каб маглі ганарова ўскласці кветкі на магілу нашай Цёткі.
Источник: Дзянница