Астрынскія школьнікі далучыліся да акцыі «Прылятайце ў Беларусь!»
Усё часцей на вуліцы чуецца птушыны спеў. Пярнатыя спяшаюцца вярнуцца ў аблюбаваныя мясціны, а актывісты БРСМ – парадаваць іх новым жыллём. Астрынскія школьнікі далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Прылятайце ў Беларусь!»
У той дзень са школьнай майстэрні доўга даносіліся ўдары малатка і звон пілы. Старшакласнікі пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Аляксандра Мікалаевіча Асмалоўскага майстравалі новыя шпакоўні. Далучыліся да добрай справы і дзяўчаты, якія ўпрыгожылі домікі.
У хуткім часе члены валанцёрскага атрада “Продвижение” развесяць шпакоўні на дрэўцах каля Астрынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Тым самым моладзь дапаможа не толькі пярнатым сябрам, але і людзям пажылога ўзросту: вясновы настрой для іх будуць ствараць птушкі, якія заселяцца ў свае новыя кватэры.
Крыніца: Дзянніца