Клуб «Шчучын» стаў пераможцам чэмпіянату РБ па міні-футболе
Аматарскі міні-футбольны клуб “Шчучын” стаў пераможцам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па міні-футболе сярод каманд першай лігі сезона 2016-2017.
Бурнымі апладысментамі сустракалі чэмпіёнаў краіны ў спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік, член асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Віктар Казіміравіч Мухляда, прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна, а таксама шматлікія балельшчыкі.
– Шчучыншчына славіцца не толькі сваімі эканамічнымі і культурнымі дасягненнямі, але і спартыўнымі, – не без гонару зазначае кіраўнік раёна С.В. Ложэчнік. – Нядаўна орлеўскія хакеісты гучна заявілі пра сябе на ўсю краіну, а цяпер і вы вярнуліся дадому чэмпіёнамі рэспублікі. Ваша перамога – вельмі знакавая падзея ў гісторыі шчучынскага футбола. Нашым юным футбалістам ёсць на каго раўняцца!
Наш зямляк – член асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Віктар Казіміравіч Мухляда – таксама не хаваў эмоцый:
– Здорава, што вы захоўваеце і паспяхова памнажаеце багатыя футбольныя традыцыі, закладзеныя яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Ваш энтузіязм перадаецца моладзі, і ўсё больш рабят цікавяцца футболам.
С.В. Ложэчнік сумесна з В.К. Мухлядай ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі шчучынскім футбалістам залатыя медалі, кубак і дыплом. Асабістую ўзнагароду атрымаў ігрок АМФК “Шчучын” Дзмітрый Шыманоўскі, які падчас спаборніцтваў забіў 15 галоў і быў прызнаны лепшым бамбардзірам чэмпіянату.
– Рэдка якая каманда ў першы год свайго існавання дабіваецца такога паспеху, – зазначае старшыня праўлення грамадскага аб’яднання АМФК “Шчучын” пракурор раёна Максім Георгіевіч Кірыла. – Заваяваць чэмпіёнскі тытул нам удалося дзякуючы рэгулярным напружаным трэніроўкам і “жалезнай” матывацыі. Мы хацелі ўсім даказаць, што здольны перамагаць нават самых сур’ёзных сапернікаў, і зрабілі гэта! Вялікі дзякуй кіраўніцтву РУП ЖКГ, шчучынскага лясгаса, ТДА “ІнвестБел”, заводаў “Праймілк” і “Аўтапровад” за аказаную фінансавую дапамогу. Падтрымліваючы нашу футбольную каманду, вы праслаўляеце родную Шчучыншчыну!
Крыніца: Дзянніца