Легенда пра Касцянёва
Вёска Касцянева знаходзіцца на старажытным шляху са Шчучына да Васілішак і далей на Вільню. Існуе легенда пра паходжанне назвы вёскі. Быццам бы ў старажытныя часы адбылася ў гэтых мясцінах бітва з мангола-татарамі і шмат воінаў паклалі тут свае косці. Легенда мае рэальныя падставы. На ўскраіне вёскі захаваўся цікавы археалагічны помнік – гарадзішча (старажытнае ўмацаванае паселішча).
Касцянёўскае гарадзішча было заснавана славянамі ў эпоху Кіеўскай Русі і з’яўлялася абарончым пунктам на граніцы з літоўскімі землямі. Вал гарадзішча тройчы падсыпаўся, меў дубовыя умацаванні, унутраны схіл яго быў забрукаваны каменнямі. Падчас археалагічных раскопак на гарадзішчы выяўлены слой пажару, які знішчыў паселішча ў ХІІІ ст. Але адбылося гэта, хутчэй за ўсё ў выніку барацьбы галіцка-валынскіх і мясцовых князёў за ўладу ў Панямонні ў сярэдзіне ХІІІ ст.
Касцянева – адно са старажытных паселішчаў на Гродзеншчыне. Ёсць тут і яшчэ адзін помнік, як заслугоўвае нашай увагі. Гэта каменны будынак, які знаходзіцца ў 1,5 км ад вёскі і першым трапляецца на вочы, калі пад’язджаць з боку Шчучына. Раней гэты будынак належыў Кастравіцкім – уладальнікам Касцянёва і іншых вёсак. Менавіта пра яго і пойдзе гаворка.
Старонкі гісторыі сядзібы Кастравіцкіх. Гістарычныя постаці.
Першымі вядомымі ўладальнікамі Касцянёва былі прадстаўнікі шляхецкага роду Александровічаў гербу Каса. Сярод іх вядомы ў Лідскім павеце Міхал Александровіч, харунжы лідскі (1701), маршалак лідскі (1704), пасол ад лідскага павета на соймах 1693 – 1703 г.г. У час Паўночнай вайны ( 1700 – 1721 г.г.) ён выпраціў са сваіх сродкаў кантрыбуцыю за незаможную шляхту Лідскага павета, прызначаную шведскім ваенным камандаваннем.
Францішак Антоні Александровіч займаў пасады харунжага (1759) , маршалка ( 1783), кашталяна лідскага(1793), быў паслом на сойме 1766г.
З цягам часу Александровічы страцілі свой уплыў, а іх абшырныя ўладанні пачалі драбіцца і пераходзіць да іншых уладальнікаў. Так сталася і з Касцянёвам, якое Н. Александровічаўна, пабраўшыся шлюбам з Ігнаціям Кастравіцкім, прынесла яму ў пасаг. З 80-ых гадоў ХVIII ст. і да 1939г. маёнтак знаходзіўся ва ўладанні мужчынскай лініі роду Кастравіцкіх, якія карысталіся гербам Вуж.
Род Кастравіцкіх меў уладанні на Лідчыне ўжо з 16 стагоддзя. У 17 стагоддзі Кастравіцкія займалі не вельмі значныя пасады ў княстве, галоўным чынам у Мінскім і Мсціслаўскім ваяводствах. Самуэль Кастравіцкі, пісар лоўчы лідскі ў 1765 годзе, жанаты на Барбары Сіклуцкай, меў трох сыноў – Казімера, Ануфрыя і Ігнація. Менавіта Ігнацій, пазней генерал артылерыі, ажаніўся з Александравічоўнай і стаў уладальнікам Касцянева.
Пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай Ігнацій Кастравіцкі пераехаў на сталае жыццё ў Вену. У Касцянёва застаўся яго сын Самуэль (1788-1859), жанаты з Ганнай Залескай. Пасля смерці бацькі бацькі ён таксама выехаў у Вену, дзе на свет з’явіліся дочкі Мялання, Юлія і сын Люцыян, які потым вучыўся ў ваеннай акадэміі. Ён быў здольным кадэтам і падчас візіту расійскага імператара Мікалая ІІ у Парыж быў яму прадстаўлены з вялікімі пахваламі. Аднак імператар загадаў схапіць кадэта і пад вартай адправіць у Расію. Цару здалося, што гэта палітычны ўцякач, таму за Люцыянам Кастравіцкім быў устаноўлены нагляд, а наведваць родзічаў у Аўстрыі яму забаранялася. Вымушаны такім чынам заставацца на радзіме, Люцыян Кастравіцкі (1816-1867), ажаніўся з Юзэфай Сіклуцкай і меў з ёй чатырох дзяцей: Вінцэнта, Самуэла, Марціна, Ганну. Жылі яны, аднак, не ў Касцянёва, а ў Паперні. Кастравіцкім належылі Паперня з 3000 га зямлі, Ваверка з 6000 га, Кавалі з 3000га, Касцянёва з 3750 га. Пэўны час ім належала Малое Мажэйкава. У першай палове 19 ст. ўладанні Кастравіцкіх налічвалі 17 000 га зямлі.
У хуткім часе большасць маёнткаў было прададзена, а ўсе грошы былі адпраўлены ў Вену на патрэбы тамтэйшых родзічаў. Пры Люцыяне Кастравіцкім засталося толькі Касцянёва. З дзяцей Люцыяна — сын Вінцэнт абраў ваенную кар’еру ў расійскай арміі; Самуэль вывучаў архітэктуру ў Дэрпце (Тарту), дзе пазней стаў галоўным архітэктарам; Марцін – электратэхніку.
Пасля смерці Люцыяна ў Касцянёва на кароткі тэрмін пасяліўся Марцін Кастравіцкі (1855-1905), але неўзабаве разам з жонкай пераехаў у Варшаву. Нгаступным гаспадаром Касцянёва быў яго старэйшы сын Станіслаў (1881-1918), пасля – малодшы Люцыян (нар.1889), які стаў апошнім уладальнікам маёнтка.
Адпаведна сямейнаму паданню Кастравіцкіх, Александровічы мелі ў Касцянёве вялікі двухпавярховы драўляны палац, які быў знішчаны ў часы Паўночнай вайны. З уцалелых бярвенняў быў пабудаваны флігель, які прастаяў да другой сусветнай вайны.
Пасля страты Паперні і з пераездам у Касцянёва, Кастравіцкія адбудавалі сядзібу толькі пад канец ХІХ ст. Паводле мясцовых паданняў, будавалі дом масоны, паколькі меліся зрабіць яго месцам зборы ложы.
Новы будынак паўстаў паблізу ад таго месца, дзе знаходзіўся стары будынак Аляксандровічаў.
Унутраная планіроўка будынка была анфіладнай. На правы і левы бок ад вялікіх сяней размяшчаліся пакоі. Проста з сяней можна было трапіць у вялікую квадратную залу. Направа ад залы знаходзіліся два пакоі для гасцей, буфет, кухня, а налева – бібліятэка і некалькі жылых пакояў. Усе пакоі здучаліся паміж сабой і з кожнага можна было трапіць у цэнтральны калідор.
Архітэктурны ансамбль касцянёўскага маёнтка складаўся з флігеля, які меў назву “белы домік” і брамы. Напэўна, былі і гаспадарчыя пабудовы, але звестак пра іх не захавалася. “Белы домік” быў пабудаваны ў 2-й палове 18 ст. у стылі класіцызму.Самым адметным у ім былі печы, выкладзеныя з паліхромнай кафлі. У кабінеце кафля мела раслінны арнаментчырвонага колеру на блакітным ці зялёным фоне. У будуары была выкарыстана кафля светла-карычневага колеруне толькі з раслінным арнаментам, але і з выявамілюдзей. Як лічаць даследчыкі, кафля, як і некаторыя жалезныя аздабленні печаў, паходзілі яшчэ з рэшткаў палаца Александровічаў. У “белым доміку” жылі ўпраўляючыя маёнткам. Да нашых дзён ён не захаваўся. Не захавалася і брама, якая знаходзілася на пачатку каштанавай алеі, што вяла да дому. Складалася брама з дзвюх высокіх мураваных калон, пакрытых тынкоўкай і меўшых прафіляваныя карнізы. Зверху калоны былі пакрыты чатырохсхільным дахам з дахоўкі. У сярэдняй частцы калон знаходзіліся нішы, у якіх былі ўмураваны выявы герба ВУЖ. Самы вароты былі драўлянымі.
Да першай сусветнай вайны сядзібны дом меў багаты інтэр’ер. Да найкаштоўнешых прадметаў адносілася мэбля, у большасці прывезеная з Вены, цікавыя гадзіннікі, медныя ліхтары. Мелася багата рознага посуду: сэрвізы з нямецкай, расійскай і аўстрыйскай вытворчасці, сэрвіз з англійскага фаянсу, сталовы крышталь і срэбра. Кастравіцкія валодалі значнай калекцыяй жывапісу, куды ўваходзіді копія фрэсак Сіксцінскай капэлы, зробленая Мяланняй Кастравіцкай, шэраг арыгінальных пастэляў, акварэляў, гравюры, збор сямейных партрэтаў. Сярод іншых – партрэты дачок Самуэля Кастравіцкага – Мяланні і Юліі. Яны атрымалі добрую адукацыю, былі прыняты да аўстрыйскага двара і знаходзіліся сярод прыбліжаных Марыі Людвікі, жонкі Напалеона І.
У 1915 годзе, калі расійскія войскі адступілі пад напорам кайзераўскай арміі, Кастравіцкія вывезлі з Касцянёва ўсе найбольш каштоўныя рэчы ў месцы больш бяспечныя. Толькі лічаная частка пазней вярнулася на сваё месца ў Касцянёва, каб канчаткова знікнуць у часы другой сусветнай вайны.
У1930 -2002 г.г. у маёнтку Кастравіцкіх знаходзілася Касцянеўская базавая школа
З успамінаў былога дырэктара школы Родзевіч Соф’і Андрэеўны
Да верасня 1939 года тут была польская школа, пазней – руская.Дырэктарам школы ў 1939 годзе быў Магер Люцыян Аляксандравіч. У гады вайны школа была зачынена, аднавіла сваю працу толькі ў 1945 годзе. Дырэктарам школы ў пасляваенныя гады была Каскевіч, пазней – Болтач Эсфіра Аляксандраўна.
Сучасны стан сядзібы
У цяперашні час сядзіба Кастравіцкіх знаходзіцца ва ўладанні фермера І.Ф.Яцэвіча. Будынак у запушчаным стане: адсутнічаюць вокны, дзверы, падлога, разбураны печы, неабходны рамонтдаху.
Сядзіба патрабуе вялікіх капітальных укладанняў.
Знешні выгляд будынка
Унутраны выгляд будынка
Ля ўваходу на тэрыторыю сядзібы знаходзіцца брама, якая складаецца з дзвюх высокіх мураваных калон, пакрытых тынкоўкай . Зверху калоны калісьці, відаць, былі пакрыты дахам.
Падвальныя памяшканні
Падвальныя памяшканні вельмі абшырныя, знаходзяцца фактычна пад усімі пакоямі. У час існавання школы тут складвалі вугаль для пячнога ацяплення. Пасля закрыцця школы падвалы былі застаўлены старой мэбляй. Цяперашні ўладальнік сядзібы прывёў падвалы ў парадак: пастаўлены сталы, лавы, праведзена электрычнасць. Маецца камін. У бягучым годзе мясцовыя фермеры тут падводзілі вынікі семінара.
Гаспадарчая пабудова
Гэтая гаспадарчая пабудова знаходзіцца прыкладна метраў за 200 ад маёнтка. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што яна магла належаць таксама Кастравіцкім, хоць дакументальна гэта нідзе не пацверджана. Гаспадарчая пабудова з каменя і чырвонай цэглы знаходзіцца таксама ў напаўразбураным стане.
Парк
Неразрыўнай кампазіцыйнай часткай маёнтка з’яўляецца парк. Асноўная яго частка знаходзіцца за будынкам. Галоўным аздабленнем парка была кіламетровая алея. Дрэвы ў ёй раслі вышынёй да 50 метраў, і былі так блізка, што перапляталіся і зрасталіся кронамі, утвараючы своеасаблівы калідор — тунэль. На падставе паваленых дрэў можна сцвярджаць, што узрост алеі складае каля 360 год. З аднаго боку да алеі прымыкае сад, з другога – уласна парк з вязамі, ліпамі, клёнамі, ясенямі. На самым ускрайку парку растуць некалькі дубоў, па ўзросту яшчэ старэйшых за алею.З паўднёва-ўсходняга боку парк абсаджаны бэзам, з боку в. Касцянева – жоўтай акацыяй.
-У час існавання школы, — успамінае настаўніца біялогіі Шостак Ганна Міхайлаўна, — у парку можна было праводзіць экскурсіі і ўрокі біялогіі. Тут багаты і разнастайны раслінны свет, шмат першацветаў. А нарцысы растуць па ўсім парку. Многа птушак. А ў той год, калі закрывалі нашу школу, гракі чамусьці не прыляцелі. Мо адчувалі, што дрэвы старыя і віць гнёзды на іх небяспечна. З тых пор і не гняздуюцца тут.
Сажалкі
Да гэтага часу засталіося 5 злучаных паміж сабой каналамі сажалак, у якіх гаспадары маёнтка займаліся вырошчваннем экзатычных відаў рыб, у тым ліку і стронгі. Сажалкі напаўняюцца вадой з крыніц, побач працякае рэчка Касцянеўка. Цяперашні ўладальнік сядзібы плануе ачысціць сажалкі і заняцца развядзеннем карпаў.