На Шчучынскiм стадыёне “Алімп” прайшоў фінал раённых спаборніцтваў па футболе “Скураны мяч”
У мінулую пятніцу на гарадскім стадыёне “Алімп” прайшоў фінал раённых спаборніцтваў па футболе “Скураны мяч” сярод юнакоў 1999 года нараджэння, у якім прынялі ўдзел 4 каманды: Васілішкаўскай, Каменскай, Ражанкаўскай сярэдніх школ і СШ №1 г. Шчучына.
Увесь тыдзень праходзілі адборачныя матчы ў чатырох падгрупах: за званне мацнейшай змагаліся 14 каманд. У фінале сустрэліся найбольш падрыхтаваныя і згуртаваныя футбольныя дружыны. Канкурэнцыя была вельмі сур’ёзная. У выніку напружанай барацьбы найбольшую колькасць ачкоў набрала каманда СШ №1 г. Шчучына, якая і перамагла ў спаборніцтвах. Другое і трэцяе месцы занялі каменскія і ражанкаўскія футбалісты. Прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі. Лепшым іграком спаборніцтваў стаў футбаліст СШ №1 г. Шчучына Павел Сяргей. Першы сакратар райкама БРСМ Алена Славаміраўна Богдзель уручыла ўзыходзячай зорцы футбола памятны прыз.
– Я займаюся спортам з пяці гадоў, – дзеліцца Павел Сяргей. – За гэты час паспеў заваяваць 9 медалёў і адзін кубак. У сёлетніх спаборніцтвах “Скураны мяч” наша каманда выдатна праявіла сябе, і мы сапраўды заслужылі перамогу!
– Падчас фінальных матчаў мы вызначылі найбольш таленавітых і перспектыўных рабят, якія ў складзе зборнай раёна будуць абараняць гонар Шчучыншчыны на абласным этапе спаборніцтваў, – дзеліцца начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Іван Вікенцьевіч Гваздоўскі. – Упэўнены, нашым юным футбалістам пад сілу выйсці ў лідары!
газета Дзяннiца