Навука — сцяжына да святла
Напярэдадні Дня беларускай навукі ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі прайшоў інфарм-дайджэст «Дасягненні беларускай навукі». Старшакласнікі СШ №1 г. Шчучына пазнаёміліся з былымі выпускнікамі сваёй школы, якія прысвяцілі сваё жыццё навуцы.
Не кожны дзень можна сустрэць чалавека, які на працягу многіх гадоў паспяхова займаецца навукай і жыве побач з намі – у Шчучыне. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Люцыя Станіславаўна Руткоўская — адна з такіх людзей. У свой час выпускніца СШ №1 г. Шчучына збіралася стаць урачом, і нават не думала, што кінецца з галавой у навуку. Але так атрымалася, што медінстытут застаўся ў мінулым. Зараз Люцыя Станіславаўна прызнаецца, што ёй насамрэч вельмі падабаецца працаваць на Шчучыншчыне і яна ўжо не ўяўляе свайго жыцця без навукі. Школьнікі ўважліва слухала расказ Л.С. Руткоўскай пра гісторыю стварэння інстытута, яго дзейнасць, новыя распрацоўкі, праекты і, вядома ж, пра людзей, якія цалкам прысвяцілі сябе навуцы. Як аказалася, работнікам інстытута прыходзіцца займацца не толькі навуковай работай, але і практычнай — працу на палях ніхто не адмяняў.
Яшчэ доўга юнакі і дзяўчаты не адпускалі госцю. Ім было цікава: ці можна ўжываць у ежу бульбу, якая вырастае з лабараторных прабірак, ці выводзяць шчучынскія навукоўцы новыя гатункі раслін і ці магчыма падняцца па кар’ернай лесвіцы да пасады дырэктара? Як аказалася, няма нічога немагчымага, калі прыкладаць да гэтага шмат намаганняў.
З навукай звязала сваё жыццё і яшчэ адна шчучынка — Юлія Антонаўна Бяляўская. Аспірантка распавяла аб сваім інстытуце глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі, які знаходзіцца ў Мінску і з’яўляецца адзіным у рэспубліцы навукова-метадычным цэнтрам па глебавых і аграхімічных даследаваннях, адказным за распрацоўку тэарэтычных і прыкладных аспектаў аховы і ўзнаўлення ўрадлівасці глебы.
Увогуле сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы. Словы падзякі выказала гасцям арганізатар мерапрыемства галоўны бібліятэкар Роза Аляксандраўна Васюк. Добрым напамінам аб сустрэчы сталі самаробныя паштоўкі і каляндары.
Завяршылася мерапрыемства, прысвечанае Году навукі, пазнавальнай віктарынай.
Дарэчы, у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі аформлена кніжная выстава, дзе кожны жадаючы можа пазнаёміцца з навуковай спадчынай Беларусі, славутымі дзеячамі навукі і культуры, а таксама сучаснымі навуковымі дасягненнямі.