Шчучынскія гандбалісты сталі лепшымі на абласных спаборніцтвах
У Слоніме завяршыўся першы этап гульняў спартакіяды ДЮСШ Гродзенскай вобласці па гандболе сярод юнакоў 2002-2003 гадоў нараджэння. Шчучынская каманда пад кіраўніцтвам трэнераў В.Ю. Шымановіча і В.Я. Панімаша ўпэўнена перамагла ўсіх сваіх сапернікаў і заняла першае месца.
– У фінале нашы гандбалісты сустрэліся са сваім прынцыповым сапернікам – зборнай ДЮСШ г. Гродна, якую на працягу некалькіх апошніх гадоў ніяк не маглі абыграць, – зазначае Віктар Юзэфавіч Шымановіч. – Абедзьве каманды былі настроены выключна на перамогу, таму барацьба была вельмі напружанай. І ўсё ж удача ў той дзень аказалася на баку нашых рабят, якія абыгралі гродзенскіх спартсменаў з лікам 25:22.
У поспеху шчучынскай каманды вялікая заслуга яе капітана Ігара Бяляўскага, які ў кожнай гульні забіваў у сярэднім па 10 галоў.
– Летась я паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, але спорт не закінуў і працягваю гуляць у гандбол у складзе кадэцкай зборнай, – зазначае Ігар. – Паколькі вучуся на выдатна, то атрымаў водпуск, каб згуляць за каманду роднага раёна і прыняць удзел у спартакіядзе ДЮСШ Гродзенскай вобласці па гандболе. Прызнацца, было вельмі прыемна зноў выйсці на поле са сваімі сябрамі. Разам мы перамаглі і вярнуліся дадому з кубкам і медалямі.
Крыніца: Дзянніца