Спартыўныя перамогі шчучынцаў
Па выніках адыходзячага года шчучынскія спартсмены могуць пахваліцца шматлікімі перамогамі ў спаборніцтвах. Няма амаль ніводнай дысцыпліны, у якой бы ні бралі ўдзел нашы землякі.
Зборная Шчучынскага раёна, прадстауніцамі якой былі спартсменкі з вёскі Дэмбрава, стала першай ў спаборніцтвах абласнога ўзроўню па валейболу. Нашы валейбалісткі перамаглі сваіх суперніц са Смаргоні, Ваўкавыска, Ліды, Свіслачы, Навагрудка з лікам 2:0. Такім чынам, як і ў мінулым годзе, нашы валейбалісткі будуць прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія будуць ладзіцца ў Пружанах. За перамогу дэмбраўскія дзяўчаты атрымалі граматы і каштоўныя падарункі, а таксама кубак.
Трэнер валейбалістак, Міхаіл Міхайлавіч Жогла, вельмі задаволены вынікам. Ён зазначыў, што ўсе спартсменкі, а гэта – Наталля Ненартовіч, Крысціна Туля, Наталля Станкевіч, Вераніка Ціцяк, Наталля Галонская – паказваюць выдатныя вынікі таму, што вельмі адказна ставяцца да трэніровак, і вынік не заставіў сябе чакаць. Цяпер нашыя спартсменкі ў першай валейбольнай ліге Гродзенскай вобласці.
Спонсарам каманды выступае мясцовая гаспадарка, кіраўнік якой, Аляксандр Віктаравіч Туля, актыўна выступае за здоровы лад жыцця. СВК “Дэмбрава” дае магчымасць дзяўчатам спаборнічаць і набірацца моцы і вопыту.
*********
Выдатна праявілі сябе на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гандболе, прысвечаных заслужанаму трэнеру В. А. Рысіку, дзяўчаты малодшага ўзросту: гэта 1998-1999 гады нараджэння. Яны занялі другое месца, сярод пяці каманд-удзельніц: Слонімскага, Ляхавіцкага, Зэльвенскага, Ваўкавыскага, Шчучынскага раёнаў. Спартсменкі Шчучынскага раёна саступілі толькі камандзе з Ляхавіч, абыграўшы ўсіх астатніх. Дзяўчаты не засталіся без падарункаў. Яны атрымалі медалі і граматы.
Трэнер дзяўчат, Алена Вадзімаўна Кандратовіч, зазначыла, што гэта перамога з’яўляецца першай вялікай перамогай рэспубліканскага масштабу. Алена Вадзімаўна выказала надзею, што каманда зможа паспрачацца і за залатыя медалі ў наступным годзе.
Капітан каманды Шчучынскага раёна, Анжаліка Мішкура прызналася, што шчыра захапілася гэтым відам спорта і з вялікай ахвотай наведвае трэніроўкі. Дарэчы, у будучым Анжаліка плануе звязаць сваё жыццё са спортам і паступіць у вучылішча алімпійскага рэзерву.
*******
А ў легкаатлетычных спаборніцтвах па кіданні спартыўных снарадаў і скачках, якія прайшлі ў Слоніме, юнакі і дзяўчаты 1999-2000 г.н. занялі першае каманднае месца. У скачках у вышыню перамогу здабыў спартсмен са Шчучына Максім Цыбульскі. Неблагія вынікі паказалі ДЮСШ-цы: Міхаіл Болтуць, Максім Нагорскі, Дзмітрый Івашкевіч, Ксенія Жвірбля, і іншыя.
Безумоўна, асобнай падзякі заслугоўваюць трэнеры пачынаючых зорак спорта А. А. Павядайка і У. І. Біндзей, а таксама бацькі. Іх вера ў магчымасці выхаванцаў дапамагала спаборнічаць нароўных і перамагаць.