Свята бульбы «Кошык весялосці» прайшло ў в. Ашмянцы
У вёсцы Ашмянцы Жалудоцкага сельсавета прайшло свята бульбы “Кошык весялосці”
Такая імпрэза ладзілася ў раёне ўпершыню. Як падкрэсліла ініцыятар яго правядзення загадчыца мясцовага сельскага клуба Наталля Іосіфаўна Стасевіч, бульба – любімая страва ў беларусаў, яна прысутнічае на стале ў кожнага і па праве заслугоўвае ўшанавання. Удзельнікам мерапрыемства было цікава і весела, яны паглядзелі канцэрт, даведаліся пра новыя перспектыўныя сарты бульбы, занатавалі рэцэпты адмысловых страў з бульбы і нават паспыталі іх на смак.
Усё адбывалася на пляцоўцы ля клуба. Народу сабралася шмат, ва ўсіх быў святочны настрой. Гасцей прываблівала выстава “Бульбяны калейдаскоп”, дзе былі прадстаўлены арыгінальныя бульбяныя кампазіцыі, створаныя ашмянцоўскімі гаспадынямі Н.І. Шадура, Я.П. Пашук, В.В. Гірыч, М.М. Скерсь, І.А. Арбачаўскене. Стараннямі гэтых жанчын таксама быў накрыты стол з мноствам разнастайных страў з бульбы, якія можна было пакаштаваць і ацаніць. Сапраўды, бульба смачная ў любым выглядзе – смажаная, вараная, запечаная ў попеле, а якія апетытныя дранікі і клёцкі!
На сцэне, стылізаванай пад вясковую хату, зачароўваў публіку песнямі народны ансамбль “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры. Цёпла прымалі аматары песень салістаў Анастасію Ляскову, Софію Клімовіч, Наталлю Каптур. Жартаўлівы дыялог вялі на сцэне маладыя вяскоўцы Васіль і Ганна, у вобразы якіх цудоўна ўжыліся Ірына Гаркалава і Дзмітрый Паварга. Надзвычай прыгожым было дэфіле ў святочных восеньскіх уборах, якое прадэманстравалі мясцовыя школьніцы Ганна і Кацярына Ханько, Дзіяна і Анастасія Майсей, Лера Рудзь. Артысты і “мадэлі” атрымалі падарункі.
Не засталіся без увагі ў гэты дзень імянінніцы Ванда Васільеўна Гірыч і Святлана Анатольеўна Базыльчык. Не сумавала на свяце і вясковая дзятва. Гульнёвую праграму падрыхтавала для іх М.В. Шор з Мураванскага сельскага клуба.
Ганаровымі гасцямі на свяце сталі старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Г.І. Цывінскі, метадыст РЦКіНТ Н.С. Гардзейчык і прадпрымальнік В.А. Адашчык, які, дарэчы, прадставіў на выставу “Бульбяны калейдаскоп” разам з вядомымі “журавінкай”, “скарбам”, “яварам” новы сорт бульбы “джэлі”. Генадзь Іванавіч Цывінскі напрыканцы шчыра падзякаваў арганізатарам і ўсім удзельнікам мерапрыемства за актыўнасць, пажадаў, каб свята бульбы мела працяг і набыло размах, як традыцыйнае свята кветак у Жалудку.
Крыніца: Дзянніца