Тапаніміка населеных пунктаў Шчучыншчыны. Частка3.
Працяг. Частка 3.
Першая частка артыкула — Тапаніміка населеных пунктаў Шчучыншчыны. Частка 1.
Другая частка артыкула — Тапаніміка населеных пунктаў Шчучыншчыны. Частка 2.
Абруб – у старабеларускіх помніках обруб – надзел зямлі ў адным месцы. На першых парах гэта былі лясныя заімкі, межамі якіх служылі засечкі на дрэвах. Пазней межы абводзіліся і іншымі межавымі знакамі. Паводле мясцовых старажылаў, абрубіць азначала “адмежаваць”, а абруб – “мяжа, край”.
Аляксандраўка – назва паходзіць ад імя Аляксандр.
Алекшыцы , Алешкаўцы – асновай для назвы паслужыла скарочаная форма царкоўнага імя Алексій – Алекша або Алекса.
Арцюшы – асновай для назвы паслужыла імя Арцюш – вуснамоўны варыянт царкоўнага імя Арцемій.
Астрына — упершыню паселішча ўпамінаецца пад 1440 годам. У гістарычных дакументах і на карце “Беларусь в конце XVI в.” значыцца як Острина». У XV- пач. XVI ст. належала да каралеўскага ўладання. Назва мае несумненную сувязь з прыметнікам востры ( острый). Напэўна, у стражытную пару слова остріна было сінонімам слова острог у сэнсе “сцяна на валу крэпасці з завостраных уверсе слупоў”; “агароджанае такім вастраколам паселішча, якое служыла ўмацаваным пунктам”.Другія даследчыкі схіляюцца да думкі, што ўжо ў 10 ст. тут было гарадзішча, якое знаходзілася ля рэчкі Астрэя. Рэчка ж атрымала назву ад слова “астравы”.
Бабічы – асновай для назвы паслужыла мянушка, родавае празванне або прозвішча Бабіч ад слова бабіч, якое у розных мясцовасцях Беларусі абазначае “дзіця, народжанае ў бабкі-павітухі ці ў жанчыны пажылога веку”.
Баброва – назва паходзіць ад мянушкі Бабёр або прозвішча ўладальніка ці заснавальніка паселішча Бабёр, Баброў. Шмат беларусаў маюць прозвішчы Бабёр, Бобр, Баброў.
Баброўнікі – разрад сялян-прамыславікоў у Вялікім княстве Літоўскім, якія неслі службу ў гаспадарскіх дварах, займаліся лоўляй баброў. Жылі ўсе разам у невялікіх пасёлках па суседству з дваром. Магчыма, таксама праз прозвішча Баброўнік.
Багданаўцы – нашчадкі чалавека па імені Богдан або па прозвішчы Багдан, Богдан, Багдановіч.
Багуславова – паселішча заснаваў або валодаў ім Богуслав.
Балотнікі – балотнікамі называлі людзей, якія сяліліся на сухой мясцінцы на балоце або па суседству з ім. Не выключана таксама матывацыя прозвішчам Балотнік. Атрымаць такое прозвішча чалавек мог за падабенства ў чым-небудзь да птушкі балотнік (тое, што даўганогі кулік), якая водзіцца на балоце.
Барташы – ад імя Барташ(польск.)
Барцякі – группа родзічаў па імені або прозвішчы іх агульнага продка Бартко.
Бершты — у аснове назвы балцкае berzas – бяроза.
Борці – назва старажытная. Борць — натуральнае або штучна выдзяўбанае ў дрэве дупло, у якім водзяцца дзікія пчолы(бароўкі). Бортніцтва – страдаўні лясны промысел. Яго прадукцыя ішла не толькі на ўнутраны рынак, але і на продаж. З развіццём бортніцкай справы з’явіўся найпрасцейшы вулей, што ўяўляў сабою выдзяўбаную калоду, падвешаную на дрэве. Месцы ў лесе, дзе былі дуплы або калоды з пчалінымі сем’ямі, у даўніну называліся Борць або Борці. Калі тут сяліліся людзі, назвы ўрочышчаў аўтаматычна пераносіліся на паселішчы.
Ваўкавічы, Ваўчкі – сыны, нашчадкі чалавека па мянушцы або прозвішчы Воўк. Ваўчок – маленькі воўк.
Вензаўшчына. Польская форма ад назвы Вязаўшчына. У аснове – назва дрэва вяз.
Вострава – у мясцовых гаворках азначае тое, што і востраў.
Вярбілкі – у аснове назва дрэва вярба.
Галынка – пустая, неўрадлівая зямля; няўдобіца.
Гайдукі — назва ўзыходзіць да гістарычнага слова гайдук, якое ў славянскіх мовах мела рознае значэнне: старабел. “пешы, лёгка ўзброены салдат”; “панскі выязны лакей часоў прыгоннага права”
Старыя Гернікі, Новыя Гернікі – ад літ. –добразычліўцы.
Гліннае – веска размешчана ў мясцовасці, багатай на гліну.
Губічы – паселішчыа стражытнае. Губічы- нашчадкі чалавека па імені-мянушцы Губа, якая вядзе свой пачатак з дахрысціянскай пары.
Гуменікі – у старабеларускай мове “наглядчык пры гумне”. У склад тапаніміі слова магло трапіць праз родавае празванне або прозвішча Гуменнік.
Даліна Зарэчная – паселішча ў даліне за рэчкай
Даліняны — вёска, размешчаная ў даліне.
Дамуцеўцы – ад прозвішча Домуць. З літоўскага domus –дапытлівы, domejimasis – праяўляць цікавасць, быць дапытлівым
Дзірванцы – ад слова дзірван- верхні слой глебы, густа зарослы травой.
Догелі – ад прозвішча Догель.
Драбушы – у аснове назвы слова дробны –мелкі.
Жалудок – назва ўтворана ад асновы жолудзь.
Забалаць, Забалоцце — мясцовасць за балотам.
Зарэчча – мясцовасць за рэчкай.
Залессе, Заляшаны, Залесна – мясцовасць за лесам.
Зюкі – ад асабовага імя Іосіф( вуснамоўны варыянт Зюк)
Вялікія Казлы, Малыя Казлы, Казулішкі, Казарэзы. У аснове ўсіх назваў слова «каза».
Каменка —па прызнаку камяністага грунту.
Кісялі – ад прозвішча Кісель.
Клімаўшчына – ад імя Кліменцій, Клім.
Крулеўшчына – ад польск. слова krol або ўтворанага на яго аснове прозвішча Круль ці Крулёў, Крулеўскі.
Куляшы – ад прозвішча Кулеш.
Кульбачына – ад мянушкі або прозвішча Кульбака.
Кур’янаўцы – ад імя Кур’ян.
Лагады – ад прозвішча Лагода- добры, паслушны, лагодны чалавек.
Лапаты – группа родзічаў па прозвішчы або мянушцы іх агульнага продка Лапата. Мянушку Лапата чалавек, відаць, мог атрымаць па сваіх знешніх адзнаках ( худы, плоскі), так і паводле занятку (той, хто капае магілы).
Ліпічна, Ліпічанка – ад слова ліпа.
Ляшчанка — ад слова ляшчына, арэшнік.
Мардасы – ад прозвішча- мянушкі Мардас.
Малое Сяло, Сялко – назва гаворыць сама за сябе – невялічкае пасяленне
Маркаўцы – ад імя Марк ці Марэк(польск.)
Мацюкі – у аснове назвы Мацюк — вуснамоўны варыянт царкоўнага праваслаўнага імя Матвей, каталіцкае – Мацей.
Мосеўцы – нашчадкі ці падначаленыя чалавека па імені або прозвішчы Мося. Мося – адна з вуснамоўных формаў каляндранага імені Маісей.
Мураванка – будынак з каменя або цэглы. Паселішча называлася Мураванкай, калі ў ім была некалькі мураваных пабудоў.
Навумаўцы –ад імя Навум.
Намейкі – магчыма, ад слова наймаць. Магчыма, ад літ. namee – дамасед, дамашні.
Нарашы, Нарчы – назва балцкага паходжання. У аснове слова nara – русалка. Па латыні naras –нырок.
Пагарэлец – паселішча, якое заснаваў чалавек, чыя гаспадарка згарэла ў агні.
Падбершты — вёска ля Берштаў.
Новыя Паддубы, Старыя Паддубы, Новая Дубраўка, Старая Дубраўка – ад слова дуб.
Патока – ад слова “патока” праточны ручай у балоце, з якога звычайна бярэ пачатак рэчка.
Петрашкі, Петрашышкі – ад прозвішча Пятрашка, якое ў сваю чаргу ўтворана ад імя Пётр.
Пратасаўшчына – ад імя Пратас або ўтвораных ад яго прозвішчаў Пратас, Пратасаў.
Пугачы – ад прозвішча Пугач.
Пузынаўцы – ад прозвішча- клічкі Пузан.
Пясчына, Пясчанікі, Пяскі – назвы адлюстроўваюць характар глебы. Пясчаныя грунты не вызначаліся ўрадлівасцю, аднак у суцэльным балотна-лясным царстве выбару не было. Даводзілася сяліцца на пясчаных буграх, дзе хаця б у якойсьсці ступені магчыма было весці земляробства.
Пяцюлеўцы – ад памяншальна-ласкальнай формы імя Пётр – Пяцюля.
Раманавічы, Раманова – ад імя Раман ці ўтворанага ад яго прозвішча.
Рамашкі – паселішчы заснавалі Рамашкі-некалькі родзічаў па імені агульнага продка Рамашка.
Рымкі – ад прозвішча Рымко.
Рыча, Рыча Дзяржаўная. Назвы вёсак ўпамінаюцца яшчэ ў 16 ст. як Рыча Панская (землі належалі пану) і Рыча Казённая (землі належалі казне).
Рэзы – ад назваў надзелаў зямлі, якія наразалі сялянам.
Саваўшчына — паселішча, зямля, на якой яно заснавана, належала чалавеку па імені Сава.
Савічы — паселішча заснаванае Савічамі – нашчадкамі чалавека па імені ці прозвішчы Сава, або родзічамі з агульным прозвішчам Савіч
Стадаляны. Назва паходзіць ад слова стадола, якое фіксуюць слоўнікі польскай мовы, а таксама дыялектныя. Асноўныя яго значэнні – “канюшня на заезным двары”, “вялікі хлеў”. У народных гаворках стадола ўжываецца ў сэнсе “хлеў”, “адрына”, “гумно”, “хлеў для валоў на заезным двары”.
Сухары. Назва-тэрмін: сухары – сухастойныя дрэвы, кустарнікі.
Тур’я, Турэйск. Назва суадносіцца з дзеясловам турыць “хутка гнаць ваду”. Не выключана таксама сувязь з язычніцкім культам Тура. Тур’я неаднаразова адзначаецца ў якасці назвы рэк на ўсёй усходнеславянскай тэрыторыі.
Халопенічы – у аснове назвы слова халоп – чалавек, які знаходзіцца ў залежнасці, блізкай па форме да рабства.
Ходараўцы – утворана ад старабеларускага імя Ходар(Федар) і ўтвораных ад яго прозвішч.
Цёмнае балота – слова балота пазначылася ў шмат якіх беларускіх тапонімах, але не ў якасці самастойнай лексічнай адзінкі, а як аснова назваў або адзін з яе кампанентаў. У тлумачальным слоўніку беларускай мовы балота – “нізкае багністае месца, звычайна са стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю”. Цемным завецца балота, парослае шэрым імхом і густым ельнікам.
Шчучын. У пісьмовых крыніцах упамінаецца і пад назвай Шчуцін У аснове назвы старажытнае імя-мянушка Щука, бел. Шчупак.
Янчукі — ад імя Ян.
Яселевічы – ад імя Ясь.