Тапілішкаўскі Хаціка знайшоў гаспадара
На матэрыял “Тапілішкаўскі Хаціко”, апублікаваны ў №13 нашай газеты, жыва адрэагавалі чытачы: званілі ў рэдакцыю, расказвалі, што яны таксама ля астрынскай дарогі не раз бачылі вернага сабаку, які чакаў і не мог дачакацца гаспадара. Многія прызналіся, што кармілі гэтага чорненькага сімпатычнага дварняка і нават мелі жаданне забраць яго да сябе, аднак той уцякаў пры любой спробе завесці больш цесную дружбу.
Што і казаць, добрасардэчныя ў нас людзі. Між тым, бескампрамісных і нават жорсткіх выразаў у адрас таго, хто гэткім чынам збавіўся ад сабакі, не шкадавалі. Маўляў, якім жа бяздушным трэба быць, каб утварыць падобнае.
У чарговай тэлефоннай размове мы пачулі неверагоднае. Званіў у рэдакцыю Тадэвуш Мікалаевіч Хвілацюк, між іншым, у мінулым супрацоўнік Шчучынскага РАУС і нават колішні вядучы нашай газетнай рубрыкі “Хроніка здарэнняў”, а зараз пенсіянер. Вось што ён паведаміў:
– Я зноў, едучы па астрынскай шашы, сустрэў гэтага сабаку на абочыне ў раёне Тапілішак. Ды не аднаго! Ён суправаджаў мужчыну, ля якога так радасна скакаў, “вытанцоўваў”, уздымаўся на заднія лапы, удзячна лізаў яму руку. Гэта трэба было бачыць! Вельмі кранаючы малюнак. Упэўнены, што камусьці з мясцовых жыхароў усё ж такі хапіла цярпення ні дзень і ні два, а, мабыць, на працягу некалькіх тыдняў карміць і даглядаць прыдарожнага падкідыша, каб ён нарэшце паверыў чалавеку. Як было б добра, каб новы гаспадар нашага ўсеагульнага любімца адгукнуўся праз газету і пацвердзіў, што бяздомны сабачка знайшоў нарэшце добрых людзей і надзейны прытулак.
Такая прапанова, безумоўна, прымаецца. Калі “хэпі энд” адбыўся, то, магчыма, і наша публікацыя ў чымсьці дапамагла, каб гэта гісторыя мела такі канчатак.
Па нумары 72-5-93 мы чакаем тэлефоннага званка ад новага гаспадара тапілішкаўскага Хаціко. Тым больш, што і нам, і чытачам хочацца ведаць, на якую мянушку насамрэч адгукаецца гэты верны чатырохногі сябра і як усё ж удалося яго прыручыць.
Крыніца: Дзянніца