У кожнай сітуацыі неабходна разабрацца
На “прамую лінію”, якую ў мінулую суботу праводзіла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк, паступіла шэсць званкоў. Тэмы гэтых тэлефонных зваротаў былі самыя розныя.
Дзве жыхаркі г. Шчучына з вуліцы 17 Верасня прасілі дапамагчы вырашыць набалелыя праблемы. У адной жанчыны суседам стаў прыватны прадпрымальнік, які, па яе меркаванні, не падтрымлівае належны парадак на прылеглай тэрыторыі. Акрамя таго, жанчына хацела б спілаваць дрэва ў двары свайго дома і адрамантаваць агароджу. Другая гараджанка прасіла пасадзейнічаць у вырашэнні надзвычай важнага для яе пытання: вызначыць граніцы карыстання сумежнымі ўчасткамі.
Ганна Станіславаўна паабяцала, што кожная з вышэйназваных сітуацый будзе разгледжана спецыялістамі адпаведных службаў.
Па меркаванні жыхара Шчучына, які таксама патэлефанаваў на “прамую лінію”, ларок для прыёму шклотары перанеслі ў зусім нязручнае месца (цяпер ён знаходзіцца ў раёне былога хлебазавода). Не дасканалы і рэжым работы гэтай кропкі.
Г.С. Хвядзюк запэўніла, што гэта пытанне абавязкова разгледзяць у Шчучынскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства, і будуць прыняты адпаведныя меры па арганізацыі работы ларка.
Насычанай аказалася тэлефонная размова з кіраўніком прыватнага прадпрыемства з Мінска. Прадстаўніка бізнесу цікавіў патэнцыял нашага рэгіёна, поле дзейнасці для інвестараў, пытанні маладзёжнай палітыкі. Ён мае намер наведаць Шчучын і сустрэцца з кіраўніцтвам.
Яшчэ адзін званок паступіў з аг. Руткевічы. Жанчына прасіла разабрацца, чаму пры замене нумара тэлефона ў яе кватэры не ўстанавілі мадэм. Вырашыць гэту праблему намеснік старшыні райвыканкама даручыла начальніку Шчучынскага вузла электрычнай сувязі А.Б. Рыбаку.
А вось жыхарцы аднаго з населеных пунктаў раёна не дае спакою такое пытанне: чаму шматдзетная сям’я з іх вёскі атрымала жыллё ў горадзе, а з мясцовага катэджа не выязджае?
– Каб адказаць Вам, трэба ведаць усе нюансы гэтай сітуацыі, – патлумачыла Ганна Станіславаўна.
Кожны, хто скарыстаўся магчымасцю патэлефанаваць на “прамую лінію”, атрымае кампетэнтныя адказы.
Крыніца: https://dzyannica.by/node/12429