У Шчучынскім раёне прайшло адкрытае першынство па гандболе
Упершыню пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку ў нашым раёне прайшло адкрытае першынство па гандболе, у якім прынялі ўдзел шэсць каманд: усяго – каля 30 спартсменаў. Гандбалістаў вітаў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Іван Вікенцьевіч Гваздоўскі:
– Прыемна, што вы падтрымалі нашу ініцыятыву па адраджэнні яшчэ адной спартыўнай традыцыі. Спадзяюся, што раённыя спаборніцтвы па гандболе стануць сапраўды масавымі і папулярнымі сярод працоўнай моладзі.
Тры дні бушавалі спартыўныя страсці. Усе каманды прадэманстравалі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі. Мацнейшымі аказаліся гандбалісты РУП ЖКГ, другое і трэцяе месцы занялі зборная каманда аматараў гандболу “Герыён” і спартсмены МПМК-167. Прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі і каштоўнымі падарункамі.
– Гандбол – надзвычай папулярны від спорту ў нашым раёне, – зазначае дырэктар ДЮСШ Віктар Юзэфавіч Шымановіч. – З кожным годам усё больш рабят рознага ўзросту наведваюць гандбольную секцыю. Шчучынскія спартсмены рэгулярна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, дзе паказваюць выдатныя вынікі. Вось і нядаўна нашы юныя гандбалісты Максім Ціцяк, Кірыл Комар, Андрэй Лапуць, Арцём Варцаба ў складзе гродзенскай каманды абаранялі гонар вобласці ў фінале рэспубліканскага турніру “Імклівы мяч” і занялі другое месца. Менавіта дзякуючы такім таленавітым рабятам шчучынскі гандбол актыўна развіваецца.
Источник: газета «Дзянніца»