Выпускнікі сустрэліся праз 41 год пасля заканчэння Жалудоцкай сярэдняй школы
Аднакласнікі, аднакласніцы… Яны звязаны паміж сабой нябачнымі ніткамі лёсу, моцнымі нават праз дзясяткі год. І таму, калі наступае пара летніх водпускаў, настальгія вядзе іх у родную школу.
Упершыню за многа-многа год адбылася і наша сустрэча – выпускнікоў 10 “Б” класа Жалудоцкай сярэдняй школы выпуска 1973 года. Ініцыятарам сустрэчы была заўсёды адказная і сур’ёзная стараста класа Ірына Пархімовіч, а арганізаваць наша мерапрыемства дапамог ёй Віталій Скабейка. Гэта яны вялі перапіску з усімі у “Аднакласніках”, званілі нам, удакладнялі нюансы.
Дамовіліся чакаць усіх у скверы у цэнтры пасёлка. І вось яна, доўгачаканая сустрэча. Многія не бачыліся 41 год. Вядома, час наклаў адбітак на твары, снег гадоў асеў на скронях, але як радасна свяцяцца ва ўсіх вочы! Кожнага ўсе сустракаюць як самага блізкага і роднага чалавека. І ад гэтай радасці мы выглядаем памаладзелымі. Праўда, з некаторымі прыходзіцца знаёміцца зноўку. У прыгожай статнай жанчыне з кароткай стрыжкай я ніяк не пазнаю Аню Іода, маю аднакласніцу з раскошнымі доўгімі валасамі.
Вядома, спачатку ўсім нецярпелася наведаць школу. Экскурсію па школе правёў для нас яе цяперашні дырэктар Уладзімір Анатольевіч Васількевіч. Расказаў нам пра дасягненні і падзяліўся сваімі планамі. Школа сустрэла нас чыстымі і прыгожымі класамі, абсталяванымі сучаснай тэхнікай. Прыемна здзівілі сталовая, чытальная і актавая зала. Затым сустрэча прадоўжылася за партамі ў нашым кабінеце, дзе Віталік Скабейка – палкоўнік у адстаўцы (адчуваецца ваенная выпраўка і дысцыпліна!) – узяў на сябе ролю вядучага і правёў з намі незвычайны ўрок успамінаў пад дэвізам “Раскажы нам пра сябе”.
Практычна кожны з нас рэалізаваў сябе ў жыцці, дасягнуў пэўных высот у выбранай спецыяльнасці. Сумелі ўпісацца ў рэаліі сённяшняга жыцця Іра Пархімовіч і Ваня Скерсь, якія развіваюць свой бізнес. Фірма Ірыны займаецца камп’ютарнай вышыўкай, вышываюць у асноўным ваенную сімволіку. А на сустрэчу Іра прывезла нам цудоўна аформленыя ў такой жа тэхніцы нашы партрэты, дзе мы такія маладыя. Люда Рудая звязала сваё жыццё з медыцынай, працуе ўрачом-гінеколагам у Пінску. Іру Атаманаву лёс закінуў на Магілёўшчыну ў горад Быхаў. Яна – інжынер-хімік. У Шчучынскай цэнтральнай бібліятэцы займаецца камплектаваннем і апрацоўкай літаратуры Тамашчык Аня, якая дапамагала мне калісьці разабрацца ў лабірынтах матэматыкі. Марыя Радзівон – аператар Шчучынскага філіяла Гродзенскага спажывецкага таварыства. Дарэчы, яна ў нас самая багатая бабуля. Сямёра ўнукаў – гэта не жартачкі!
Вядома, сабраліся не ўсе. Хтосьці вельмі далёка ад родных мясцін. Так, Толя Прудзілка жыве ў Тыраспалі, а Саша Гвоздзікаў, як высветлілася, знаходзіцца цяпер у чарговым рэйсе дзесьці каля берагоў Дамініканы.
Пяцёра нашых аднакласнікаў, на жаль, рана пайшлі з жыцця. Амаль нікога не засталося і з нашых педагогаў. Не стала дырэктара школы – Аляксея Аляксеевіча Дрыка – чалавека , які быў ідэалам настаўніка для многіх . Няма з намі і нашага класнага кіраўніка – Захарэвіч Валянціны Іванаўны, для якой мы былі першымі ў жыцці выпускнікамі. Час ідзе, забіраючы з сабою жыццё блізкіх людзей. Хвілінай маўчання мы ўшанавалі іх памяць. І не раз іх імёны гучалі ва ўспамінах пра былое.
З хваляваннем наведалі Марыю Вікенцьеўну Дрык – нашу настаўніцу матэматыкі. Колькі выпускнікоў было ў яе за гады працы ў школе! А яна ўсіх нас памятае. Строгая і справядлівая, Марыя Вікенцьеўна бачыла ў кожным вучні асобу, на ўроках матэматыкі вучыла лагічна мысліць, любіць гэты прадмет. Грунтоўныя веды, атрыманыя на ўроках матэматыкі, дазволілі многім з нас стаць інжынерамі-праграмістамі, эканамістамі, бухгалтарамі. Так, Аня Іода працуе галоўным бухгалтарам СПК “Абухава”, Ванда Юшкевіч – галоўным бухгалтарам Лідскага райвыканкама, Галя Цыбрук у свой час працавала вядучым бухгалтарам Шчучынскага МПМК – 167.
У свае 87 год Марыя Вікенцьеўна спраўляецца з хатняй гаспадаркай і агарод трымае ў ідэальным парадку. Мы пажадалі ёй добрага здароўя і зрабілі здымак на памяць.
Урок Успамінаў, Настальгіі, Маладосці працягваўся ў кафэ “ Зара”, якое , дарэчы, зусім нядаўна адкрылася ў Жалудку. За святочным сталом з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспаміналі сваіх настаўнікаў, смешныя выпадкі са школьнага жыцця і, вядома, незабыўны выпускны баль. Чыталі вершы, спявалі песні нашай маладосці… Словом, у гэты вечар нам было што ўспомніць, пра што пагаварыць. Прыемна было чуць добрыя словы ў наш адрас ад былога дырэктара школы Яна Францавіча Прускага і настаўніцы геаграфіі Станіславы Міхайлаўны Рудой, якая , нягледзячы на свой сталы ўзрост, падзяліла з намі радасць сустрэчы.
Мяне асабіста вельмі ўзрадавала тое, што мае аднакласнікі цудоўна ведаюць родную мову і многія карыстаюцца ёй у паўсядзённым жыцці. Не прапалі дарма ўрокі Грыгорыя Мітрафанавіча Дзежа. Тактоўны, ураўнаважаны, з пачуццём гумару – такім ён застаўся ў нашай памяці.
Сустрэча з аднакласнікамі праз столькі год дала, безумоўна, кожнаму з нас зарад аптымізму і добрага настрою. Я злавіла сябе на думцы, што сабрацца нам усім дапамог яшчэ і інтэрнэт. Існуе меркаванне, што сацыяльныя сеткі — занятак і захапленне маладых. А значыць, мы ідзём у нагу з часам.
Нібы цяпло роднай хаты, цэлы вечар грэлі нас успаміны, незалежна ад пасад і званняў, пройдзеных жыццёвых шляхоў. Вось чаму мы паабяцалі адзін другому сустрэцца ізноў у Жалудку праз некалькі год.
Яніна Астап (Савасцьян) – выпускніца Жалудоцкай СШ 1973 года.