Як “Інвестбел” стаў чэмпіёнам
Вось ужо як 10 гадоў Наталля Уладзіміраўна Свінарэнка захапляецца футболам. Найперш таму, што ў футбол гуляе яе сын Уладзімір, які амаль не растаецца з мячыкам. Мама і тата хлопца не прапускаюць ніводнай гульні з удзелам іх сына, і як могуць падтрымліваюць хлопца з трыбуны. Без яе прысутнасці не абышлася гульня на стадыёне “Алімп” і ў гэтыя выхадныя.
У чэмпіянаце па футболе, які завяршыўся 26 студзеня, бралі ўдзел 13 каманд Шчучынскага раёна.
У фінальны раунд выйшла 4 каманды: “Старкам”, МПМК-167, прадпрыемства “ІнвестБел” і Шчучынскага рамонтнага завода. За перамогу змагаліся каманды “ІнвестБел” і МПМК-167.
Фінальнае спаборніцтва выдалася надзвычай напружаным. Стаіўшы дыханне, балельшчыкі чакалі першага забітага мяча. Аднак варатары аказаліся на дзіва стойкімі і ніводзін мяч не заляцеў падчас гульні ў вароты. Лёс пераможцы вызначылі пенальці. У іх удача была на баку каманды “ІнвестБел”, варатар якой, Максім Цывінскі, адправіў мяч у вароты праціўніка.
Па словах Максіма, студэнта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, у той момант ён адчуваў сябе адным з самых шчаслівых футбалістаў. За ўсе 5 гадоў, якія ён прысвяціў гульні ў футбол — гэта яго першы забіты мяч, бо дагэтуль ён быў выключна варатаром.
Другое месца ў спаборніцтвах заняла каманда МПМК-167, 3-е – Шчучынскага рамонтанага завода, а 4-е – “Старкам”.
Пераможцаў узнагародзілі медалямі, кубкамі і граматамі. Максім Цывінскі, як лепшы варатар, быў адзначаны спецыяльеным прызам раённага камітэту БРСМ. Алена Богдзель уручыла хлопцу флэш-карту.
Як адзначыў Віктар Антонавіч Струкель, які з’яўляецца старшынёй фізкультурна-спартыўнага клуба Шчучынскага раёна, удзельнікі спаборніцтваў прадэманстравалі высокі ўзровень гульні, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е. Ім былі адзначаны лепшыя ігракі: Дзмітрый Грыгароўскі (“ІнвестБел”), Дзяніс Лобан і Дмітрый Татарынаў (МПМК-167). Адзначыў ён і каманду Шчучынскага рамонтнага завода, трэнерам якой з’яўляецца Міхаіл Віктаравіч Шашко.
Удзельнікі і арганізатары выказваюць падзяку спонсару: дырэктару ТДА “ІнвестБел” В. С. Міхалоўскаму.
фото dzyannica.by